Архіў навін - УА Цэнтральнага раёна

Архіў навін

Найпрыгажэйшая кветка Украіны – Леся Украінка

04.03.19

У апошнія лютаўскія дні сталічная школа №21 імя М.Ф. Гастэлы сардэчна сустракала гасцей. Ушанаванне памяці знакамітай паэтэсы Лесі Украінкі (сапраўднае імя Ларыса Пятроўна Косач-Квітка) стала традыцыйным святам, якое аб’ядноўвае два брацкія народы, і, што важна, далучае дзяцей да міжнароднай культурнай спадчыны.

Літаратурна-музычная кампазіцыя, прысвечаная 148-годдзю з дня нараджэння пісьменніцы, распрацоўкай якой займаліся намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Галіна Мікалаеўна Стальчук, старшыня Мінскага грамадскага аб’яднання ўкраінцаў “Заповіт” Галіна Яфімаўна Калюжная, студэнты філалагічнага факультэта БДУ пад кіраўніцтвам намесніка дэкана па навуковой рабоце Паўла Іванавіча Навойчыка, атрымалася пазнавальнай, змястоўна і эстэтычна насычанай. Слова для ўрачыстага адкрыцця мерапрыемства ўзяў дырэктар школы № 21 Міхаіл Міхайлавіч Савіцкі, які падкрэсліў карысць такога мерапрыемства як для вучняў, так і студэнтаў: “Чалавека нельга спазнаць і зразумець, не ведаючы яго вытокаў, перыпетыяў лёсу і хваляванняў. Леся Украінка некаторы час жыла непадалёку ад нашай школы, натхнялася беларускімі краявідамі, гуляла па мінскіх вуліцах, каб потым стварыць шэдэўральныя філасофскія творы ад імя шчырай барацьбіткі за жыццё і каханне. Мы часта глядзім на суседні дом з памятнай шыльдай, а сёння здзейснім экскурс у мінулае славутай паэтэсы, узгадаем яе няпросты жыццёвы шлях, ушануем памяць жанчыны-змагаркі”.

Пра самабытную ўкраінскую паэтэсу, крыніцах яе натхнення, адметнасцях лірыкі распавяла старшыня Мінскага грамадскага аб’яднання ўкраінцаў “Заповіт” Галіна Яфімаўна Калюжная. Яна шчыра падзякавала школе за шматгадовае супрацоўніцтва і адзначыла, што вучні сваёй дапытлівасцю і цікаўнасцю абуджаюць у дарослых жаданне дзейнічаць у імя радзімы, дзеля захавання яе спадчыны. “Леся Украінка – узор жаночай мудрасці, духоўнасці і інтэлігентнасці, прыклад адданасці любімай справе”, – падагульніла Галіна Яфімаўна.

Прафесійная дзейнасць намесніка дэкана па навуковай працы, кандыдата філалагічных навук, дацэнта філалагічнага факультэта БДУ Навойчыка Паўла Іванавіча звязана з даследаваннем украінскай літаратуры. Павел Іванавіч спыніўся на творчасці паэтэсы, вобраз і сімвалах, мастацкіх дэталях яе лірыкі. У святочнай зале прагучаў урывак з самага знакамітага і жыццясцвярджальнага верша Лесі Украінкі “Contra spem spero”на трох славянскіх мовах: русскай, беларускай, украінскай – у выкананні студэнта ўкраінскага аддзялення філалагічнага факультэта БДУ Алеся Мінава, вучняў 6 “А” класа Арсенія Касцючэнкі і Уладзіміра Саевіча.

Другая частка мерапрыемства была напоўнена духоўнай музыкай, глыбінёй слоў. На сцэне – хор хлопчыкаў Дзяржаўнай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі пад кіраўніцтвам Паўла Шэпелева. Спевакі захапілі ўдзельнікаў мерапрыемства шырокімі магчымасцямі голасу, унікальнымі вакальнымі дадзенымі і, безумоўна, цеплынёй сэрцаў.

Супрацоўнік Пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Ірына Анатольеўна Ліпатава ўручыла падзякі арганізатарам і актыўным удзельнікам літаратурна-музычнай кампазіцыі, выказаўшы надзею, што мерапрыемствы такога маштабу і надалей будуць аб’ядноўваць культурную эліту двух брацкіх народаў, якія ўмеюць ганарыцца поспехамі адзін аднаго, дзяліцца радасцю і працягваць руку дапамогі ў складанай сітуацыі.


Галіна Стральчук, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце 
ДУА “Сярэдняй школы № 21 імя М.Ф. Гастэлы г. Мінска”