Архив новостей - УО Центрального района

Архив новостей

Турнір па боўлінгу: “Хто працуе, той і адпачывае”

16.03.2020

Вечарам 12 сакавіка каманды моладзевых прафсаюзных саветаў работнікаў адукацыі і навукі Цэнтральнага і Заводскага раёнаў сустрэліся ў фізкультурна-аздараўленчым цэнтры “Мандарын”.

Педагогі ўдзельнічалі ў турніры па… боўлінгу. Прэзідыум раённых прафсаюзаў таксама не застаўся ў баку ад здаровага ладу жыцця, паколькі кіраўнікі раённых арганізацый якраз выдатны прыклад таго, што прафесія настаўніка зводзіцца не толькі да навучання і выхавання дзяцей, але і да ўмення адпачываць, рэлаксіраваць, атрымліваць задавальненне ад міжасабовых стасункаў.

Варта адзначыць, што маладыя актывісты прафсаюза не аднойчы змагаліся за лідарства ў інтэлектуальных, спартыўных, творчых спаборніцтвах. Так, толькі ў Цэнтральным раёне прафсаюз арганізоўвае мазгабойні, добрай традыцыяй стала правядзенне прафсаюзных урокаў на базе гімназіі №3, сярэдняй школы №21 імя М.Ф. Гастэлы, сярэдняй школы №95. Ладзяцца сустрэчы з ветэранамі педагагічнай працы, многія з якіх дзеляцца ўласным педагагічным вопытам і наведваюць шкльныя мерапрыемствы ў якасці шаноўных экспертаў, гасцей ці непасрэдных удзельнікаў.

Моладзь сёння ўмее і гатова дзейнічаць. Наша задача – адказаць на пытанні, дапамагчы і накіраваць. Канешне, падтрымка патрэбна настаўнікам не толькі ў юрыдычных аспектах, але перш-наперш у маральным адпачынку, разгрузцы. Трэба знайсці гармонію, усталяваць баланс паміж працай і адпачынкам, каб за кубачкам кавы пагаварыць не толькі пра работу, але і асабістыя перажыванні, хобі, мары, – разумее педагагічную моладзь старшыня раённай арганізацыі галіновага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ірына Уладзіміраўна Міронава.

У турніры па боўлінгу ўпэўнена перамагла каманда Цэнтральнага раёна. Лепшы бамбардзір вызначыўся ў кожнай камандзе і быў узнагароджаны спецыяльнымі прызамі. Усе ўдзельнікі атрымалі памятныя сувеніры, бо прафсаюз – гэта не толькі выбар лепшага настаўніка, а і падтрымка ўсіх у імкненні да пакарэння новых вяршынь.

Мы – разам, а значыць наперадзе толькі новыя дасягненні!